суббота, 30 июля 2016 г.

Папа: мы ўсе будзем асуджаны па справах міласэрнасці

Добры Самаранін і яго стаўленне да іншага чалавека былі ў цэнтры ўвагі разважання папы Францішка, якое прагучала на плошчы св. Пятра 10 ліпеня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі”. Хрысціянская вера без сведчання – мёртвая, нагадаў Пантыфік вернікам.
 
“Літургія прапануе нам сёння прыпавесць пра Міласэрнага Самараніна, узятую з Евангелля св. Лукі (10, 25-37), - нагадаў Святы Айцец. - У простым і натхняльным апавяданні яна паказвае нам лад жыцця, цэнтрам цяжару якога з’яўляемся не мы самі, а іншыя са сваімі цяжкасцямі, людзі, з якімі мы сутыкаемся на нашым шляху і якія з’яўляюцца выклікам для нас. Іншыя, якія з’яўляюцца выклікам. І калі гэтыя іншыя не з’яўляюцца выклікам для нас, тут нешта не так; нешта ў гэтым сэрцы нехрысціянскае. 

Езус выкарыстоўвае гэтую прыпавесць у дыялогу з кніжнікам у адносінах да двайной запаведзі, якая дазваляе атрымаць вечнае жыццё: любіць Пана Бога ўсім сэрцам, і бліжняга свайго, як самога сябе (Лк 10, 25-28). “Так – адказвае гэты кніжнік – але скажы, хто мой бліжні?” (Лк 10, 29). Таксама і мы можам задаць сабе гэтае пытанне: хто мой бліжні? Каго я павінен любіць, як самога сябе? Сваіх бацькоў? Сваіх сяброў? Сваіх землякоў? Тых, хто вызнае тую ж рэлігію, што і я? Хто мой бліжні?

І Езус адказвае гэтай прыпавесцю. На чалавека па дарозе з Ерузалема ў Ерыхон напалі рабаўнікі, збілі і пакінулі. Тым жа шляхам праходзіў спачатку святар, а затым лявіт, якія, бачачы параненага, не спыніліся і прайшлі міма (Лк 10, 31-32). Потым ішоў Самаранін, гэта значыць адзін з жыхароў Самарыі, якімі пагарджалі юдэі, таму што яны не прытрымліваліся праўдзівай рэлігіі. І ўсё ж менавіта ён, убачыўшы гэтага няшчаснага бедняка, “злітаваўся: падышоў, перавязаў яму раны (...),прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім” (Лк 10, 33-34) і на наступны дзень даручыў апеку гаспадару, заплаціў за яго і сказаў, што аплоціць рэшту (Лк 10, 35).
У гэты момант Езус звярнуўся да кніжніка і спытаўся ў яго: “Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?”. І ён адказаў, вядома, таму што ён быў разумны чалавек: “Той, хто паступіў з ім міласэрна” (Лк 10, 36-37). Езус, такім чынам, цалкам перавярнуў першапачатковую перспектыву кніжніка – а таксама і нашу! Я не магу каталагізаваць іншых, каб вырашыць, хто мой бліжні, а хто не. Ад мяне залежыць, я з’яўляюся бліжнім, ці не – гэта маё рашэнне – для сустрэтага мной чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, таксама чужога для мяне, і нават варожага. І ў завяршэнне Езус кажа: “Ідзі і ты рабі таксама” (Лк 10, 37). 
Які цудоўны ўрок! І Ён паўтарае гэта кожнаму з нас: “Ідзі і ты рабі таксама”, стань бліжнім для брата і сястры, калі бачыш, што яны маюць цяжкасці. “Ідзі і ты рабі таксама”. Варта рабіць добрыя рэчы, а не толькі гаварыць словы, якія ляцяць з ветрам. Я памятаю песню “Parole, parole, parole” (Словы, словы, словы). Не! Трэба рабіць, рабіць, рабіць. І дзякуючы добрым рэчам, зробленым з любоўю і радасцю да свайго бліжняга, наша вера прарастае і прыносіць свой плён. 
Давайце спытаем сябе – і няхай кожны адкажа ў сваім сэрцы – ці наша вера сапраўды плённая? Ці прыносіць добрыя справы? Ці, можа, яна бясплодная, больш мёртвая, чым жывая? Ці я станаўлюся бліжнім, ці проста праходжу міма? Гэтыя пытанні варта задаваць сабе часта, таму што ў канцы мы будзем асуджаны па справах міласэрнасці: Пан зможа сказаць нам: “Ці памятаеш той выпадак па дарозе з Ерузалему ў Ерыхон? Гэтым чалавекам напаўжывым быў Я. Памятаеш? Тым галодным дзіцём быў Я. Памятаеш? Тым мігрантам, якога многія хацелі забіць быў Я. Гэтымі самотнымі бабулямі і дзядулямі, пакінутымі ў дамах састарэлых быў Я. Гэтым самотным у бальніцы, да якога ніхто не прыходзіць, быў Я”.
“Няхай Дзева Марыя дапаможа нам рухацца па дарозе любові, любові велікадушнай у адносінах да іншых, па дарозе Добрага Самараніна. Няхай дапаможа нам жыць галоўнай запаведдзю, што Езус пакінуў нам. Гэта дарога, якая вядзе да вечнага жыцця”, - сказаў Папа. 
http://be.radiovaticana.va/

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.