четверг, 20 сентября 2012 г.

У чым зло акультызму і магіі? (заканчэнне)

     Як заспакоіць духоўны голад?
   
     Некаторым людзям наіўна здаецца, што калі яны адкідваюць Бога і перастаюць клапаціцца аб сваёй душы, то іх духоўнае жыццё «завісае», у ім нічога не адбываецца. Гэта як у гульні малога дзіцяці, якое заплюшчвае вочы і кажа, што свет перастаў існаваць, бо яно яго не бачыць. А пачне існаваць тады, калі яно адкрые вочы.
   Розніца толькі ў тым, што дзіця гуляе, а дарослай асобе прыходзіцца прымаць лёсавызначальныя рашэнні. І нават калі чалавек чагосьці не бачыць і не думае пра яго, гэта зусім не азначае, што тое «нешта» перастала існаваць. †

Яшчэ не так даўно атэісты верылі ў тое, што знішчэнне рэлігіі прывядзе да знікнення духоўных патрэб у людзей. Яны верылі, што звышнатуральныя патрэбы перашкаджаюць сканцэнтравацца на будаўніцтве «зямнога раю». Пазней аказалася, што духоўнае жыццё чалавека не церпіць пустаты. Тады выхалашчаным з рэлігіі людзям прапанавалі кампенсаваць духоўныя патрэбы матэрыяльнымі. Урэшце аказалася, што як бы чалавек не задавольваў сваё цела, яму ніколі не ўдасца заспакоіць духоўны голад. Колькасць не здольная кампенсаваць якасць. Тады на дапамогу зацятым праціўнікам рэлігіі прыйшла парадаксальная дапаможніца – магія.
   
   Сучасныя секулярныя грамадствы, адкідваючы рэлігію, з небывалай апантанасцю пагружаюцца ў магію і акультызм. Яшчэ нядаўна антыхрысціянская прапаганда кпіла з вызнаўцаў Хрыста, што яны вераць у міфы пра звышнатуральнасць, ведзьмаў, духаў. А сёння тыя, хто яшчэ ўчора высмейваў рэлігію, з глыбокай верай звяртаюцца да магіі. Яны чытаюць гараскопы, вераць гадалкам, аддаюць велізарныя грошы на экстрасэнсаў, гамеапатаў, «бабак». З трымценнем яны абвешваюцца татэмамі і амулетамі, каб нейкі прадмет (!) даў ім шчасце і грошы.
   
   Асобы, якія не ведаюць Бога, імкнуцца наталіць голад душы любой духоўнай інфармацыяй. Ім на дапамогу адразу прыходзіць рынак, які спраўна рэагуе на попыт, прапаноўваючы «духоўныя» паслугі: гараскопы, фільмы пра злых духаў, магічныя шоу з выкліканнем патаемных сіл, гаданні, прадказанні. Спажыўцоў акультызму наладоўваюць страхамі, пачуццём безабароннасці перад наканаванасцю. Той жа рынак адразу прапаноўвае ратунак ад чараў – мацнейшыя чары.
   Ведзьмары ў смокінгах і белых халатах абяцаюць не толькі перамагчы сурокі, пракляцці, цяжкі лёс, але нават дапамогуць стаць «звышчалавекам» (індыга, экстрасэнсам, ведзьмай, адкрыць «трэцяе вока»). Яны заахвочваюць «бараніць» сваё шчасце пры дапамозе амулетаў, татуіровак, масак, фігурак, заклінанняў і г.д. Звычайны абывацель, падагрэты поп-культурай, з трымценнем пахіляецца перад ведзьмай-супергероем, магам-збавіцелем, валадарамі патаемных сіл.
   
   Калі адкінуць эмацыйную мішуру, псіхаманіпуляцыі і рацыянальна прааналізаваць, хто і навошта так моцна фінансуе прапаганду акультызму, то адкрыецца старая праўда пра адвечнага ворага чалавецтва. Канчатковым вынікам гульні з патаемнымі сіламі становіцца падпарадкаванне чалавека злому духу, а праз яго – пашырэнне прасторы пекла ў гэтым свеце.

   Як распазнаць падман злога духа?  

   Сярод шматлікіх акультных практык, праз якія сатана намагаецца ўвайсці ў жыццё сучаснага чалавека, узгадаем найбольш адыёзныя, у дэманічнасці якіх хрысціяне могуць сумнявацца.
   Як гэта ні парадаксальна, але існуе немалая група людзей, на якіх сатана дзейнічае праз сны. Часта гэта выглядае як сустрэча з памерлымі сваякамі. Неаднаразова святарам прыходзіцца ратаваць людзей ад «бабак», якія практыкуюць чары, нібыта пераказаныя ім у сне іх памерлай мамай, бабуляй, дзедам. Здаецца, не трэба тлумачыць хрысціянам, што дэман можа прыняць нават воблік святога, толькі б нейкая асоба пачала выконваць яго распараджэнні. Таму трэба глядзець не на воблік, а на тое, да чаго заклікае дадзеная асоба. Калі гэта нешта падазронае, спрэчнае з Бібліяй і вучэннем Касцёла або ствараючае альтэрнатыву Божым сродкам збаўлення, значыць, за справай стаіць злы дух.
   
Яшчэ адной цяжкай формай дэманічнага зняволення можа быць наіўная практыка варажбы, гаданняў, прадказванняў будучыні. Свядома ці не, але розныя фальклёрныя гурткі ў межах абрадавых гульняў і клопату аб даўніх традыцыях могуць выклікаць дэманаў і вучыць дзяцей акультным практыкам (напрыклад, купальская ці калядная варажба). Кожны сур’ёзны хрысціянін дыстанцыруецца сам і не дапускае сваіх дзяцей да гульняў з духамі. Гэта прамое парушэнне першай Божай запаведзі і стварэнне ідэальных умоў для кантакту з дэманам.
   
   Чарговым слабым пунктам, які імкнецца выкарыстаць злы дух, каб зняволіць чалавека, можа быць сітуацыя цяжкай хваробы або жыццёвая драма. У выпадку вялікага гора, калі ўрачы нічым не могуць дапамагчы, узнікае вялікая спакуса шукаць ратунку не ў Бога, а ў знахараў, «бабак», гамеапатаў і да т.п. Хрысціянам варта ведаць пра тое, што як бы ні называлі свае здольнасці розныя аздаравіцелі («біяэнергія», «астральная энергія», «новая медыцына» і г.д.), кожная сіла па-за Богам і фізікай – гэта дэманічная пастка або звычайны падман. Сам факт раптоўнага паляпшэння фізічнага або псіхічнага здароўя з дапамогай патаемных сіл – гэта яшчэ не дастатковая аснова, каб сцвярджаць аздараўленне.
   
Экзарцысты прапаноўваюць некалькі прынцыпаў, паводле якіх правяраецца праўдзівасць аздараўлення:
  
  1. Касцёл прытрым­ліваецца прынцыпу поўнага аздараўлення чалавека. З гэтым звязаны прыярытэт духоўнага аздараўлення перад фізічным, якое наўпрост не абумоўлівае нашую вечнасць (рай або пекла). З сапраўдным паляпшэннем цялеснага здароўя заўсёды звязаны духоўныя плады: унутраны спакой і радасць, любоў, вера, пакорлівасць, жаданне паяднання з іншымі людзьмі. Вельмі часта адсутнасць духоўных пладоў здраджвае сатанінскай імітацыі аздараўлення чалавека. У такім выпадку пасля «аздараўлення» праяўляюцца адваротныя духоўныя плады: агрэсія, страхі, замкнёнасць, падазронасць, прыгнечанасць, нянавісць да ўсяго Божага. У далейшай перспектыве хвароба праяўляецца з большай сілай, але ўжо ў іншым выглядзе.
   
   2. Аздараўленне ад Бога заўсёды звязана з пачуццём вялікай удзячнасці Пану Богу і вялікай любоўю да Яго і ўсяго, што з Ім звязана. Дэманічныя «аздаравіцелі» найчасцей чакаюць ад пацыентаў псіхалагічнай веры (канцэнтрацыя волі, самаўнушэнне), якой спадарожнічае пачуццё цяжкага абавязку, няволі, прымусу.
   
  3. Заўсёды трэба звярнуць увагу на саму асобу аздаравіцеля. Звязаныя са злым духам людзі або самазванцы часта здраджваюць сабе ў тым, што чэрпаюць сілы ад нейкага прадмета, патаемных духаў, заклінання, рытуалу. Яны прыпісваюць боскую моц нейкай энергіі або асобе па-за Богам. Часта такі «аздаравіцель» стараецца пераканаць, што толькі праз яго можа прыйсці дадзеная сіла і што ён – рэальная альтэрнатыва Хрыстоваму дзеянню ў сакрамантах Касцёла.
   
На самой справе Бог заснаваў Касцёл як асяроддзе збаўчага дзеяння. У ім дае нам сакраманты як наймагутнейшыя сродкі збаўлення, дзеяння Яго ласкі. Таму няма нічога больш эфектыўнага, чым дзеянне самога Бога ў Яго сакрамантах і іншых харызматычных дарах Касцёла.

 “Ніхто не застрахаваны ад меркантыльных спакус, я і сама раней наводзіла на людзей сурокі (порчу) за грошы... 
Але аднойчы я зразумела, што ўсе мае ўчынкі дрэнныя... Дапамагаючы адным, я калечу іншых. Я зразумела, што ісці на здзелку з д’яблам заўсёды небяспечна”. Гэта словы адной вядзьмаркі – зоркі папулярнага расійскага шоу, якое прапагандуе магію і акультызм. Ужытая тут цытата – гэта не ўрывак з пакаяння чараўніцы. Наадварот. Гэта спроба пераканаць людзей у тым, што акультызм – гэта добра і карысна. Дастаткова толькі адрозніваць “белую” магію ад “чорнай”. †

   У наш час ужо не модна, як у мінулым стагоддзі, быць атэістам. Сучасная культура навязвае нам іншы вобраз супергероя – індыга, валадара патаемных сіл. Нам насаджаюцца фільмы і тэлепраграмы аб акультызме, чарах. Пад уздзеяннем прапаганды нават веруючыя хрысціяне пачынаюць сумнявацца ў шкоднасці магіі. Новае пакаленне, выхаванае на прыкладах герояў тыпу Гары Потэра, вабіць свет акультызму. На пытанне “Ці існуе розніца паміж «белай» і «чорнай» магіяй?” сучасны абывацель паспяшаецца адказаць: “Існуе вялікая розніца! Дрэнная толькі «чорная» магія, а «белая» – добрая і карысная”. А калі вы тое самае пытанне зададзіце святару-экзарцысту, да якога пастаянна прыводзяць ахвяр “нявінных” гульняў з духамі, то адказ будзе адназначны: кожная магія па сваёй прыродзе – зло. На жаль, наіўныя ахвяры шарлатанаў, ведзьмароў і злых духаў не жадаюць чуць праўды. Аднак, назіраючы за тым, як моцна фінансуецца прапаганда магіі ў мас-медыях, ёсць над чым задумацца.
   
Адкуль паходзяць чары?

  Кожны разумны чалавек, сустрэўшыся з феноменам акультызму, задумаецца ў першую чаргу аб яго паходжанні. Навукоўцы лічаць, што існуюць тры гіпотэзы, якія нейкім чынам маглі б растлумачыць экстрасэнсорныя паводзіны некаторых людзей.
    Паводле першай гіпотэзы, экстрасэнс ці вядзьмар можа быць проста хітрым ашуканцам. Добра апанаваўшы метады псіхаманіпуляцый і гіпнозу, ён лёгка можа зманьваць публіку. Ашуканец імкнецца працаваць індывідуальна або з вузкім колам псіхалагічна слабых і ўражлівых людзей. Ён заўсёды будзе хавацца за аўрай патаемнасці, як гэта робіць фокуснік (шырма, ілюзіянізм, іншыя сродкі адцягвання ўвагі).
    
Паводле другой гіпотэзы, экстрасэнсорыка (даслоўна – “адчуванне чагосьці па-за”, “звышадчувальнасць”) можа быць звязана з індывідуальнымі асаблівасцямі псіха-фізічнай натуры чалавека. Гэта значыць, што незвычайныя здольнасці могуць быць звязаны з гіперадчувальнасцю асобы на знешнія і ўнутраныя раздражняльнікі. Гэта выражаецца ў адмысловай суперінтуіцыі. Чалавек адчувае тое, на што іншыя проста не звяртаюць увагі. А калі такая звышадчувальная асоба мае яшчэ надзвычай развітыя здольнасці сінтэтычнага мыслення (складвання фактаў, вывадаў), то можа з высокай доляй праўдападобнасці прадбачыць наступствы падзей і паводзін чалавека. Такія здольнасці, на мяжы псіхапаталогіі, для простага абывацеля будуць выглядаць як звышнатуральныя.
   
   Некаторыя прыхільнікі гэтай гіпотэзы дапускаюць існаванне неадкрытых навукай фізічных і псіхічных уласцівасцей чалавечай прыроды. На гэтай гіпотэзе грунтуюцца пошукі навукоўцаў, якія вераць у магчымасць паўстання новага чалавецтва “супермэнаў”, “індыга” і т.п. Гэтая версія гіпотэзы балансуе на мяжы навуковай фантастыкі і наіўнай веры ў бязмежны (боскі) патэнцыял чалавека.
   
 Трэцяя група вучоных схіляецца да гіпотэзы, што звышнатуральныя здольнасці могуць быць звязаны з уздзеяннем на чалавека іншай разумнай і нябачнай істоты. Гэтая навуковая гіпотэза блізкая да таго, што сцвярджае Біблія і вучэнне Касцёла. Вучоныя гэтай катэгорыі разгублена аналізуюць дзівосныя факты і шукаюць істот з “паралельнага свету”.
    Хрысціянства са шматвяковага досведу ведае аб існаванні рэальных духоўных істот. Акрамя таго, Касцёл мае канкрэтныя інструменты і адпрацаваныя спосабы, як сябе паводзіць у сітуацыі кантакту з духоўнымі істотамі. Мы ведаем, што гэта разумныя Божыя стварэнні, якія не маюць фізічнага цела, здольныя ўступаць з людзьмі ў кантакт. Яны падзяляюцца на дзве катэгорыі: анёлы (добрыя духі, пасланцы Бога, памагатыя і ахоўнікі людзей) і дэманы (злыя духі, былыя анёлы, збунтаваныя супраць Бога, якія кіруюцца ідэяй выкарыстання і вынішчэння людзей).
    
Вучэнне Касцёла адназначна перасцерагае хрысціян, каб яны ніколі не прымалі ўдзелу ў нейкіх сеансах, звязаных са звышнатуральнымі патаемнымі сіламі. Гаворка тут ідзе пра рэальную пагрозу нават пры пасіўным удзеле ў магічных практыках (глядач, памагаты або спадарожнік асобы, якая ідзе да “бабкі”). Касцёл, маючы шматвяковы вопыт змагання з дэманічнымі сіламі, перасцерагае вернікаў, што заўсёды існуе пагроза ўздзеяння дэманічных сіл на чалавека нават пры пасрэдным удзеле (per accidens) у нейкай “гульні” з патаемнымі сіламі. Бо звычайнаму чалавеку суб’ектыўна можа падавацца, што ўсё нармальна, бо ён не бачыць фізічнай пагрозы. А адкрыць нейкую асобу на дзеянне злога духа можна вельмі проста, пераконваючы яе, што гэта проста шоу, гульня, звычайная праграма на тэлебачанні.
   
 Таксама, калі нейкі маг ці экстрасэнс пераконвае кліента, што ён дзейнічае ад Бога, не азначае, што так ёсць на самой справе. Нават наяўнасць пабожных “дэкарацый” у знахара можа быць манёўрам псіхалагічнай маніпуляцыі (падману). Акрамя таго, на пачатковым этапе нават самі медыумы, “бабкі” ці экстрасэнсы могуць паддацца суб’ектыўнаму перакананню, што яны маюць надзвычайныя сілы. Але дастаткова мінімум самакрытычнасці, каб адкрыць жахлівую праўду: паранармальныя магічныя здольнасці – гэта дзеянне не самога чалавека, а рэальнага дэмана, якога ён упусціў у сваё жыццё.
  
   кс. Андрэй Рылка 
    
   07 верасня 2012                                                         

                                                                                     Працяг у наступным артыкуле
                      
                        Слова Жыцця №16
 
  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзі

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.