З iнтэрвью кс. Чэслава Паулюкевiча,
дыяцэзiальнага экзарцыста
(Газета Гродзенскай дыяцезii "Слова Жыцця" N 23, ад 11.12.2011, стар.5)
– Што такое экзарцызм?

Урачысты экзарцызм (гр. exorkizein “выклінаць”), які мае на мэце “выгнанне злых духаў ці вызваленне з-пад іх дэманічнага ўплыву моцай духоўнай улады, якую Езус даручыў Касцёлу”, з’яўляецца просьбай ці патрабаваннем, якое належыць да сферы сакраменталій. Здзяйсняць такі экзарцызм можа святар-экзарцыст або кожны святар, які атрымаў выразны дазвол ад свайго ардынарыя. †
– Хто такі экзарцыст?
– Паводле Каталіцкага Касцёла, экзарцыст – гэта святар, якому ардынарый даручыў паслугу служэння малітвай-экзарцызмам.
– У чым розніца паміж экзарцызмам і шаманізмам?
– Шаман – гэта асоба, якая выкарыстоўвае сувязі і пэўныя сілы звышчалавечых істот, духаў продкаў ці дэманаў. У малітве-экзарцызме мы заўсёды звяртаемся ў маленні да Бога ў Тройцы Адзінага або ў малітве загаднай формы – да дэмана ў імя Езуса Хрыста.

– Магія, акультызм, варажба – гэта прысутнасць шатана ў нашым жыцці?
– Можна сфармуляваць і такім чынам, але гэта хутчэй формы дзейнасці д’ябла. Калісьці некаторыя святары звярталі маю ўвагу на тое, што я шмат гавару пра д’ябла. Гэта пэўнае непаразуменне, таму што пра д’ябла дастаткова казаць і ведаць тое, што пра яго напісана ў Бібліі: што гэта наш ВОРАГ. І гэтага хапае. Але каб змагацца і перамагаць, патрэбна ведаць тактыку ворага, якая часта, а можа і заўсёды, з’яўляецца скрытай – акультыстычнай.
– Ці існуе чорная магія? На чым яна засноўваецца? Наколькі яна небяспечная для бязвіннага чалавека?
– Магія – гэта заўсёды магія. Некаторыя падзяляюць яе на чорную, якая мае на мэце пашкодзіць, і белую, якая заклікана “дапамагаць”. Але крыніца моцы, да якой мы звяртаемся праз магію, заўсёды ў нашым ВОРАГУ, а ён мае на мэце “з’ядзенне чалавека”, заўсёды!
– У Беларусі папулярнае выказванне: “Медыцына бяссільная, ідзіце да «бабак»”. Як Вы ставіцеся да такога тыпу лекараў і так званых “бабак”?
– Я не маю з імі ніякіх сувязей, затое кожны дзень сустракаюся з іх “пацыентамі”. Няма сумненняў, што Бог адорвае рознымі дарамі і харызматамі, у тым ліку і харызматам аздараўлення, не толькі святароў, але і свецкіх асоб. Але што датычыць гэтых т.зв. “бабак”, я яшчэ не сустракаў, каб яны толькі маліліся.
Заўсёды да гэтага дадаюцца пэўныя магічныя “рытуальчыкі”, “замовы”, формулкі. А гэта ўжо зварот не да Езуса Хрыста, а да іншых сіл.
– Сёння па тэлебачанні шмат рэкламы гіпноза і экстрасэнсаў. Як Вы ставіцеся да гэтых з’яў?
– Вельмі негатыўна. Гіпноз нясе ў сабе вельмі вялікую небяспеку для чалавека, больш аб гэтым можна даведацца з кнігі Эрыкі Гібэлла “...і цяпер з’явілася шмат Антыхрыстаў...”, якую можна набыць у дыяцэзіяльнай кнігарні. Калі ж мы гаворым аб экстрасэнсах, ці біяэнергатэрапеўтах, то ўзнікае адно пытанне: якой моцай яны карыстаюцца і якой энергіяй маніпуліруюць? Св. Павел павучае нас: “вывучайце духаў” і, як сцвярджае руская прымаўка: “Не ведаючы броду, не сунься ў воду”.
– Ці на самай справе жанчыны больш падатлівыя на спакусы шатана? Ці, можа, пэўную ролю адыгрывае ўзрост?
– Абапіраючыся на тое, што д’ябал выбраў не Адама, а Еву, можна зрабіць выснову, што жанчыны больш падатлівыя на спакусы. Але я ніколі не праводзіў статыстыкі падатлівасці. Адзінае, што я магу параўнаць, гэта колькасць жанчын і мужчын сёння ў касцёле. А гэта можа стварыць уражанне, што з часоў Адама і Евы сітуацыя змянілася.
– Як у наш духоўны свет уваходзіць д’ябал? Наколькі ён можа зрабіць гэта? Ці справа тут толькі ў тым, ці падатлівыя мы на спакусу, або можа тут штосьці большае?
– Мы не можам гаварыць аб уздзеянні д’ябла толькі на наш дух, ён уздзейнічае на ўсяго чалавека – на дух, душу і цела. А тое, у якой ступені ён можа ўздзейнічаць, залежыць ад многіх умоў. Чалавека можна параўнаць з домам, які мае фундамент (або не мае), вокны і дзверы. У якім стане ўсё гэта знаходзіцца. Д’ябал заўсёды “кружыць”, шукаючы ўсялякай магчымаці завалодаць домам. А тое, ці вокны і дзверы зачынены, ці дом пабудаваны на фундаменце, ці ахоўваецца ён мацней, залежыць ад самога чалавека. Мы часта шукаем аховы і абароны ад усялякага дрэннага ўплыву. А рэцэпт толькі адзін. Яго нам дае Езус, і да яго заклікае Касцёл – жыццё ў святасці.
– Як адрозніць псіхічную хваробу ад апантанасці?
– Ёсць шмат знакаў і адрозненняў, з якімі знаёмы экзарцыст. Часам ён павінен звярнуцца за дапамогай да псіхіятра, але і тады не можна стопрацэнтна сцвердзіць “так” ці “не”. Бо, як я ўжо ўзгадваў вышэй, д’ябал заўсёды ўтойваецца і можа ўтаіцца таксама пад псіхічнай хваробай.
– Што павінен практыкаваць чалавек у якасці зброі супраць злых духаў?
– Я ўжо казаў – гэта жыццё ў святасці. Але Марыя дае нам спецыяльную зброю – гэта пяць камянёў супраць Галіяфа:
1. Ружанец – маліцеся сэрцам.
2. Эўхарыстыя.
3. Біблія.
4. Пост.
5. Споведзь раз у месяц.
– Раскажыце, калі ласка, пра Рось. Да нас прыходзіць шмат лістоў аб аздараўленнях менавіта ў гэтым месцы.

У парафіяльным архіве да сённяшняга дня захоўваецца “Кніга ласкаў і цудаў Пана Збаўцы нашага Езуса Хрыста Журботнага ў рымска-каталіцкай парафіі ў Росі”, у якой запісаны сведчанні многіх асоб, якія ў сваім жыцці адчулі звышнатуральны Божы ўплыў у гэтым месцы. Аб многіх падзеях сведчаць воты, змешчаныя каля фігуры Езуса ў галоўным алтары. Шмат аб атрыманых ласках расказваюць жывыя сведкі даваенных і пасляваенных часоў, калі на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа тут збіраліся тысячы вернікаў з недалёкіх і аддаленых парафій. А цяпер адбываецца толькі адраджэнне таго, што было знішчана ў часы атэізму. Ужо з 2004 года арганізоўваюцца рэкалекцыі ў летні перыяд. З лістапада ў кожную другую суботу адбываюцца набажэнствы да Езуса Журботнага. Таксама шмат пілігрымаў прыязджае ў будзённыя дні, каб паспавядацца, перажыць св. Імшу перад цудадзейнай фігурай Езуса ці асабіста памаліцца аб заступніцтве. За апошнія гады было запісана і расказана вельмі шмат сведчанняў, з якімі, я спадзяюся, ужо хутка можна будзе пазнаёміцца на парафіяльнай інтэрнэт-старонцы.
(кс. Павел Салабуда, 09 снежня 2011)
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.