среда, 17 сентября 2014 г.

Кс. Антанэла Кадэду: "Мне заўсёды вельмі хацелася прапаведваць у Беларусі"

Кс. Антанэла - італьянскі харызматык, які мае за сабой 30 год святарства. Ён жыве разам з беднымі ў Сан Паўла, што ў Бразіліі. Штодзень ён нясе Евангелле да наркадылераў, прастытутак і заблуканых душаў. Пра знаёмства з Беларуссю, Святога Духа і сваё служэнне размаўлялі Яна Ткачук і кс. Юрый Жэгарын.
Як айцец атрымаў запрашэнне ў Беларусь і чаму згадзіўся?
Пачалося ўсё з таго, што адзін са святароў з Беларусі папрасіў адну з місіянерак нашага таварыства, каб яна запыталася ў мяне, ці магу я прыехаць. Я нават не ведаю, які гэта быў святар. Я проста згадзіўся. Мне заўсёды вельмі хацелася прапаведваць у Беларусі - краіне, дзе яшчэ застаецца вялікі ўплыў Расіі.
З якім паведамленнем вы прыехалі да беларусаў?
Мне падаецца, што Беларусь - гэта менавіта тая краіна, для якой больш за ўсіх трэба прасіць Святога Духа. Таму што там, дзе каталіцтва не прысутнічае ў грамадстве на 100 адсоткаў, мы перажываем досвед першых хрысціянскіх супольнасцей, якія калісці маглі ўваходзіць у Рымскую імперыю толькі праз уздзеянне Духа Святога. І менавіта тут, у такой краіне як Беларусь, мы можам назіраць за тым, як Святы Дух адкрывае новыя гарызонты і шляхі.
У чым адметнасць заснаванай вамі супольнасці "Запавет Міласэрнасці"?
Для таго, каб пазнаёміцца з нашым таварыствам, можна зазірнуць на нашу старонку ў інтэрнэцеwww.misericordia.com.br. Там можна прачытаць, як мы развіваліся з 2000 года, і як наша таварыства прыходзіла ў іншыя краіны з Бразіліі.
Калі мы пачалі распаўсюджвацца ў Польшчы, падчас адной сустрэчы, да мяне падыйшла дзяўчына з Беларусі, са Свіслачы, яе звалі Аня, - вось менавіта праз яе мы даведаліся пра Беларусь. Цяпер яна ў нашай супольнасці і праз яе мы падтрымліваем сувязь з вашай краінай.
Ці на вашым шляху шмат перашкодаў для служэння?
Менавіта ў Бразіліі мы пачыналі і працягваем сваю працу з людзьмі, якія жывуць на вуліцы, а таксама з наркадылерамі. У такой працы, вядома, няма нічога лёгкага, наадварот - адныя складанасці. Можаце сабе ўявіць, што мы займаемся тымі, хто прадае наркотыкі, з прастытуткамі, якія ўжо не адзін год так "працуюць", дзецьмі, якія нарадзіліся на вуліцы. Яны ўжо не вераць ні ў кога, ненавідзяць усіх і іх вельмі цяжка пераканаць у чымсьці іншым.
Таму мы знаходзім такіх людзей, прыводзім іх у дамы, якія будуем, каб яны маглі адчуць сябе як у сям'і, што іх нехта любіць проста так, за тое, што яны ёсць. Менавіта тут пачынаецца той момант, калі мы чакаем дзеяння Святога Духа, бо сваімі намаганнямі мы нічога не зможам зрабіць.
Калі ж мы прыехалі ў Еўропу, мы ўбачылі, што тут ёсць бедната, не матэрыяльная, але духоўная. У Еўропе людзі не хочуць гаварыць аб тым, як цудоўна жыць верай, слухаць Божае Слова пра веру, яны хочуць бачыць сведкаў, якія пакажуць сапраўднае жыццё, даверанае Госпаду.
Якія выразныя дары айцец атрымаў ад Святога Духа?
Першы дар, які вельмі моцна адчуваецца, гэта адпачынак у Святым Духу. Таксама даволі яскравым і моцным знакам з'яўляецца малітва аб аздараўленні. Людзі маюць вельмі шмат ранаў (духоўных, псіхічных, фізічных,  - рэд.), з розных прычын. І таму яны патрабуюць канкрэтнага аздараўлення, якое прыносіць Дух Святы, дакранаючыся да кожнага.
Якія найважнейшыя рэчы Дух Святы жадае бачыць у кожным чалавеку?
Самае галоўнае - гэта тое, каб жыць тым, што мы чытаем у Бібліі, каб жыць Езусам. Жыць Езусам, які аддаў усё дзеля нашага збаўлення. Для Святога Духа найбольшай радасцю з'яўляецца бачыць такога чалавека, які здольны любіць іншага ажно да смерці.
На што сёння хварэе грамадства ў Еўропе? Якія грахі найбольш раняць Бога?
Найбольш сумныя рэчы ў Еўропе - гэта палітыка камунізму і канс'юмерызму, якія прывялі да апатыі ў грамадстве. Гэта самыя галоўныя наркотыкі. Каб перамагчы такія праблемы, трэба прасіць дапамогі праз заступніцтва Маці Божай.
Распавядзіце, калі ласка, пра некалькі прыкладаў духоўнага і фізічнага аздараўлення.
На самай справе была вялікая колькасць аздараўленняў, як фізічных, так і духоўных. Вельмі прыемна бачыць наркадылераў і прастытутак, які змяняюць сваё жыццё і адмаўляюцца ад сваіх грахоў. Гэта сапраўды вельмі моцна ўражвае - калі мы бачым, як такія людзі, адчуўшы любоў Госпада, пачынаюць рабіць рэчы, якіх мы ніколі ад іх не чакалі.
Што да фізічных аздараўленняў, мне прыходзіць у галаву такі прыклад, калі адно дзіця было хворае на рак, у яго было 6 ачагоў раку ў мазгу, а пасля малітвы ўсё кудысьці падзелася, і ён стаў здаровы.
І яшчэ адзін прыклад, калі дзяўчына выпіла атруту, каб сябе забіць, і мы ўсю ноч за яе маліліся. Лекары ўжо не давалі ніякой надзеі, бо ўнутры ў яе ўсё было выпалена. Нягледзячы на гэта, раніцай яна была поўнасцю здаровай.
Якіх пладоў вы чакаеце ад сустрэчы ў Мастах?
Калі я думаў і маліўся аб гэтай сустрэчы тут, мне прыйшло ў галаву паведамленне менавіта для вас, святароў, каб вы аддаліся пад апеку Сэрца Езуса і Марыі з Фацімы. Таму што з-за гістарычных перажыванняў, тут, у Беларусі, людзі зачынілі свае сэрцы, і ім вельмі цяжка адкрыцца наноў. Каб сапраўды вялікія благаслаўленні сплылі на людзей з Беларусі, неабходна аддацца апецы і памножыць малітву да Сэрца Езуса і Марыі з Фацімы.
Ці плануеце вы вярнуцца сюды і заснаваць сваю супольнасць у нашай краіне?
Паглядзім, ўсё ў Божых руках! (усміхаецца) Цудоўна было б, каб маладыя беларусы прыехалі на фармацыю да нас, а потым вярнуліся і самі заснавалі тут наша таварыства. Таму ўсім жадаю мужнасці. Ня бойцеся!

                                                                                                *   *   *
14 верасня скончыліся рэкалекцыі з кс. Антанэла Кадэду, які прыехаў у Масты, каб наблізіць Бога людзям, каб паказаць жывога Госпада, які ёсць сярод нас. Два дні шчырай малітвы, адарацыя, простыя, поўныя энтузіязму канферэнцыі. Фота з рэкалекцый можна паглядзець    тут.
http://grodnensis.by/

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.