пятница, 20 июля 2012 г.

Як адкрыць Госпаду сваё сэрца?


 а. Джэймс Манджакал 
Айцец Джэймс Манджакал
прыехаў з рэкалекцыямі ў Рось 29 чэрвеня – 1 ліпеня.


Яго прыезду чакалі чатыры тысячы вернікаў. Хтосьці прыехаў на інвалідным вазку, хтосьці быў на мыліцах, з кійкамі, прывезлі паралізаваных, старых людзей і немаўлят, прыехалі цэлымі сем’ямі. 


Начутыя пра цуды ацалення, вернікі спадзяваліся пачуць і сваё імя падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту: “Юзаф, Ян, Ганна, праслаўляйце Бога, вы ацаліліся!”


Як і сотням тысяч вернікаў па ўсёй зямлі, а. Джэймс раскрыў прысутным на рэкалекцыях у Росі таямніцу ацалення: “Адкрыйце свае сэрцы на Езуса. Госпад гатовы ў іх прыйсці”.

Гэтая простая ісціна аказваецца надзвычай цяжкай, каб увасобіць яе ў сваё жыццё. Чалавечы грэх, унутраныя раны, нашая слабасць, нявер’е, сумненні закрываюць нас ад дзеяння Святога Духа.

Як я магу са сваім болем, смяротнай хваробай, глыбокай ранай стаць перад Хрыстом у Гостыі і паверыць, што Бог хоча майго ацалення, што Ён дае мне яго? А. Джэймс нястомна ездзіць па свеце і ўсім сваім служэннем спрабуе пераканаць: ацаленне магчымае, трэба толькі паверыць!

Што такое супраціўленне злога духа, а. Джэймс зведвае практычна штодня. Калі ён едзе куды-небудзь з рэкалекцыямі, абавязкова штосьці здараецца – ці хвароба, ці аварыя. Кожную раніцу а. Джэймс устае, робіць знак крыжа на ілбе і кожнай частцы свайго цела і загадвае злому духу адысці. †

  – Самая вялікая праблема сёння ў тым, што свет адышоў ад Бога, – распавёў а. Джэймс падчас інтэрв’ю.   – А хрысціяне адышлі ад крыжа і Касцёла. Зараз свет шукае вырашэння сваіх праблем, аднак не прыходзіць да Бога, да Хрыста. Мы ведаем, што ў часы Хрыста ўсе людзі прыходзілі са сваімі праблемамі да Яго, з праблемамі граху, хвароб, д’ябальскіх сувязей. І ўсе яны знаходзілі рашэнне ў Хрысце. 
Бог даў Хрыста як нашага Збаўцу, каб мы знайшлі рашэнне ўсіх нашых праблем у Ім. І вельмі сумна, што хрысціяне адыходзяць ад Яго. Таму я прашу людзей: вярніцеся да Хрыста! Тады вашыя праблемы вырашацца.

   – А як змагацца са злым духам?
   – З д’яблам трэба змагацца сілай малітвы. Госпад даў нам сілу малітвай загадваць шатану сысці. У Евангеллі паводле св. Марка (Мк 16, 17) знаходзім: “А тых, што павераць, будуць суправаджаць такія знакі: у імя Маё будуць яны выганяць дэманаў, на новых мовах гаварыць будуць”. Праблема зараз у тым, што многія не вераць у існаванне д’ябла. Я поўнасцю веру ў яго існаванне. Ёсць добры Дух, і ёсць злы. І гэты злы дух працуе супраць Духа Святога. І гэта тое, што Хрыстос назваў духам антыхрыста. Мы бачым гэта паўсюдна штодня. Дух, які працуе супраць Касцёла, супраць сакрамантаў. Нават калі я хацеў прыехаць у Беларусь, я меў вельмі шмат праблем, шмат перашкод.

   – Як чалавек адчувае, што адкрываецца на Святога Духа?
   – Я заўсёды кажу, што патрэбны дзве рэчы, каб перажыць ацаленне: ацаленне сэрца і вера. У пасланні да Габрэяў (Гбр 10, 22) знаходзім: “Прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам”. Езус ацаляе сёння, бо Ён жывы. Таму мы можам і павінны прасіць Яго: “Езус, ацалі мяне!” Мы павінны пабуджаць людзей, каб яны прыходзілі да Хрыста за ацаленнем. Цягам маіх 37 гадоў служэння я бачу, як Езус ацаляе людзей двума шляхамі: праз сакраманты і тады, калі людзі ўскладаюць рукі і моляцца.

   – Падчас малітваў Вы агучваеце розныя імёны, кажучы пра ацаленне гэтых людзей. Адкуль Вы іх ведаеце?
   – 37 гадоў назад Госпад даў мне гэты дар. Калі я ахвяраваў св. Імшу, калі я ўзнёс келіх і патэну Богу, Ён паказаў мне імёны і праблемы людзей і даў мне пасланне, што яны ацаліліся. Калі я пачынаў прапаведаваць, я звычайна называў гэтыя імёны пасля св. Камуніі. Але калі Рым забараніў мне маліцца аб ацаленні падчас св. Імшы, то я называю імёны падчас адарацыі. Хоць гэтыя імёны я чую падчас літургіі, але трымаю іх у галаве, каб агучыць пасля. Але я старэю і ўжо часам забываю імёны. І калі я прыязджаю ў такія краіны, як Беларусь, Расія, Польшча, дзе імёны даволі значна адрозніваюцца ад індыйскіх, то я агучваю толькі тыя імёны, якія магу лёгка вымавіць. Інакш у перакладчыка таксама будуць праблемы. Імёны тыпу Вячаслаў, Уладыслаў для мяне цяжкія. Але ацаляе не маё называнне імён, а вера ў Хрыста.

   – Дзякуем за размову.


                   Каб задаць некалькі пытан­няў 
                         кс. Чэславу Паўлю­кевічу, 

кусташу санкту­арыя Езуса Журботнага ў Росі і арганізатару рэкалекцый, давялося пастаяць у чарзе. Пасля адарацыі святара чакаў натоўп вернікаў, каб сказаць яму некалькі слоў асабіста.


  – З чым вернікі да Вас падыходзяць?
   – Людзі падыходзяць з рознымі пытаннямі: з просьбай аб малітве заступніцтва, аб генеральнай споведзі. Але тых, хто шукае асабістай сустрэчы з а. Джэймсам, зараз ужо мала. Хоць айцец заўсёды кажа пра Езуса, а не пра сябе, усё роўна некалькі чалавек пасля супольных малітваў шукаюць яшчэ асабістай сустрэчы. Змяніць жыццё, сітуацыю можа толькі асабістая сустрэча з Езусам, а не са святаром, мы ўвесь час гэта паўтараем. Няма неабходнасці пасля адарацыі шукаць яшчэ і асабістай сустрэчы. Бо сустрэча з Хрыстом ужо адбылася. Нейкі час таму, калі прыязджаў а. Руфус, пасля рэкалекцый плябанію апаноўвалі дзясяткі, сотні людзей, якія шукалі толькі асабістай сустрэчы са святаром. Таму цешыць, што сёння многія ўсвядомілі важнасць асабістай сустрэчы з Езусам.

   – Як адбываюцца ацаленні?
   – Ацаленні адбываюцца па-рознаму. Напрыклад, у мінулым годзе падчас рэкалекцый пасля св. Імшы да а. Джэймса падыйшла жанчына, настаўніца з Ваўкавыска, і распавяла пра цуд, які здарыўся з ёю проста падчас літургіі. Калі а. Джэймс маліўся, жанчына атрымала ацаленне зроку: яна мела вельмі дрэнны зрок, які ўвесь час падаў. Гэта было ацаленне, і адразу ж было сведчанне. Некаторыя ацаленні адбываюцца паэтапна. Спачатку чалавек атрымлівае палёгку, а хвароба адыходзіць паступова. Часам сведчанні аб ацаленні мы атрымліваем праз месяц, год пасля рэкалекцый. Гэта найперш цуд абнаўлення. Нашае жыццё, тое, што мы жывем, дыхаем – гэта ўжо цуд, бо ўсё ад Бога. Таксама ёсць цуд абнаўлення чалавека. Мы не запрашаем на рэкалекцыі, а толькі інфармуем пра іх. І кожны раз прыязджае шмат людзей, якія чакаюць гэтых рэкалекцый. І кожны, хто перажывае гэтае абнаўленне жыцця ад Бога, пасля сведчыць пра гэта.

   – На рэкалекцыях шмат гаварылася пра дзеянне злога духа. Як святару абараніцца ад яго ўплыву?
   – Адзіная абарона – жыццё ў святасці. А святары маюць асаблівую сакраментальную абарону святарства: абарону арміі Езуса і абарону нашай нябеснай Маці, якая таксама з’яўляецца апякункай святароў. Таму ёсць некаторыя рэчы ў дзейнасці Касцёла, якія забаронены для свецкіх. Чаму? Касцёл тлумачыць, што гэтае служэнне, як, напрыклад, служэнне экзарцызму, зарэзервавана для святароў, бо яны маюць асаблівую абарону сакраманту святарства.

   – Дзякуем за размову.

                                                                                     "Слова Жыцця"

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.