вторник, 10 сентября 2013 г.

"Каталіцкі Касцёл памірае без мужчын"

7 верасня ў Росі адбыўся дзень засяроджання для мужчын, які правёў вядомы амерыканскі місіянер Дон Турбіт, 
кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі “Мужчыны святога Юзафа” і каардынатар арганізацыі “Renewal Ministries”, якая займаецца аднаўленнем і евангелізацыяй ў Каталіцкім Касцёле.              
Больш падрабязна пра дзейнасць вядомага місіянера мы даведаліся падчас інтэрвью з самым спадаром Донам Турбітам.
– Скажыце, калі ласка, якія пытанні разглядаліся на рэкалекцыях?
–  Першае пытанне, да якога я звярнуўся – гэта пытанне веры. Калі я кажу пра яе, то маю на ўвазе не веру ў Царкву, а веру, што змяняе нашае жыццё. Я вучу людзей, што Бог пастаянна ўплывае на нашыя лёсы, таму і нам трэба аддаваць айцу нашаму больш часу. Бог – гэта не той, пра каго мы гаворым раз на тыдзень, з Богам трэба праводзіць кожны свой дзень.
Пасля размовы пра веру настаў час звярнуцца да працэсу евангелізацыі, адказаць на пытанне, якімі людзьмі мы павінны стаць, каб звацца евангелізатарамі.
Апошняя частка рэкалекцый была прысвечаная любові Айца Нябеснага да нас, звычайных людзей.
 – Чаму Вы абралі менавіта мужчын у якасці сваёй аўдыторыі?
–  У мусульман, іудзеяў і будыстаў сярод вернікаў больш мужчын, чым жанчын. Так пятнаццаць першых стагоддзяў было і ў хрысціян, сёння ж амаль 70% тых, хто прыходзіць да касцёла – гэта жанчыны. Я прапаведую сорак год і назіраю паступовы працэс фемінізацыі, былы баланс губляецца, нам неабходна яго вярнуць. Каталіцкая Царква памірае без мужчын.
–  Няўжо гэта так сур’ёзна?
–  Так, бо на мужчынах ляжыць абавязак весці сям'ю да Бога. Нам трэба евангелізаваць мужчын, каб разам з імі да Царквы прыйшлі іх сем’і. Паводле дадзеных адной з пратэстанціх арганізацый, калі мы евангелізуем падлетка – 16% сямей пойдуць за ім, калі мы евангелізуем маці – колькасць сямей павялічыцца да 64%, калі ж евангелізаваць бацьку – атрымаем 97%.
–  Што перашкаджае мужчынам прыйсці ў Касцёл?
–  Калі я яшчэ працаваў пажарнікам, заўважыў, што тыя моцныя мужныя мужчыны, якія працавалі разам са мною, хоць і верылі ў Бога, але часам быццам саромеліся ісці ў касцёл, лічылі яго месцам для жанчын і дзяцей, што аніяк не супадала з сапраўдным становішчам спраў. Часта таксама даводзілася чуць ад мужчынаў, што ім не хапае часу. Тут мне на дапамогу прыйшла ідэя 72 гадзін. 72 гадзіны – гэта час, які прайшоў ад смерці Езуса да яго ўваскрэсення. Той жа час неабходна аддаваць мужчыне Богу, каб атрымаць збаўленне. У ЗША праводзіліся даследаванні наконт таго, колькі гадзін у год сярэдні амерыканец прысвячае на прагляд тэлебачання, аказалася, што 7200 – толькі 10% ад гэтага часу я прапаную аддаць Богу. Ці гэта шмат?
–  Вашае служэнне накіравана выключна на каталікаў?
–  Так, большая частка майго служэння адрасавана каталікам, але ў шырокім сэнсе яно таксама і для ўсіх тых, хто верыць у Хрыста.
 Дзякуй вялікі за інтэр'ю. 
Размаўляла Алена Ільгявічуце

Дзень засяроджання з місіянерам з ЗША

Дзень засяроджання з Донам Турбітам, які адбыўся ў Росі, адзначыўся надзвычайнай прадуктыўнасцю: за невялічкі адрэзак часу былі праведзеныя тры канферэнцыі, а ў перапынку паміж імі кожны з удзельнікаў атрымаў магчымасць задаць пытанні місіянеру з Паўночнай Амерыкі.
Першая канферэнцыя была прысвечаная веры, яе практычнаму вымярэнню. Вера – гэта вялікі дар, дзякуючы якому мы можам супрацьстаяць жыццёвых цяжкасцям і рэалізоўваць Божую волю. Дон Турбіт падкрэсліваў, што згодна з Святым Пісаннем, мера веры дадзена кожнаму хрысціяніну, але развіваць і ўмацоўваць яе мы абавязаныя самі. Вера нараджаецца з “слухання, а слуханне ад Слова Божага” (Рымлянаў 10:17). Для ўмацаванне веры вельмі важна ўважлівае, рэгулярнае, малітоўнае,  вывучэнне Святога Пісання, а таксама кніг і матэрыялаў, якія звязаныя з хрысціянскім жыццём. Калі ў сэрцы няма веры, там будзе панаваць страх, які мае разбуральную моц.
Новай евангелізацыі была прысвечаная другая канферэнцыя. Перш чым каталікі змогуць быць сапраўднымі сведкамі веры, ім трэба перажыць духоўную аднову і напоўніцца Святым Духам. Дон Турбіт казаў таксама пра пагрозы і памылкі, якія насаджаюцца “псеўдадухоўнымі” настаўнікамі і лідарамі па ўсім свеце. Ён падкрэсліў, што існаванне пекла і раю, – гэта рэальнасць, а папулярная сучасная ідэя, што пекла не існуе і тэорыя ўсеагульнага выратавання з’яўляюцца саманадзейнымі заявамі.
Трэцяя канферэнцыя была прысвечаная бацькоўству Бога. Хрыстос паказаў нам Творцу, як клапатлівага і чулага Айца. Ён звяртаўся да Яго, называючы “Абба", што ў перакладзе з арамейскай азначае “тата”. Місіянер з ЗША натхняў удзельнікаў паглыбляць свае адносіны з Богам Айцом, сузіраючы Хрыста ў Пісанні.
Акрамя ўдзелу ў канферэнцыях ў мужчын была магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі і супольна перажыць Эўхарыстыю.
Андрэй Богуш

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.