суббота, 12 июля 2014 г.

Джон Башабора, вера і аздараўленне або кранальнае сведчанне маці

Хвала Хрысту!

На фоне папярэдніх падзей, а менавіта – прыбыцця ў нашу Гродзенскую дыяцэзію а. Джона Башаборы, я б хацела падзяліцца сваім перажытым духоўным досведам. 
І, перадусім, ува мне наспела вялікае жаданне падзяліцца з усімі цудам аздараўлення маіх дзяцей.

Мае дзве дачкі пакутавалі ад атапічнага дэрматыту. Былі асабліва цяжкія перыяды абвастрэння, калі на дзіцячай скуры ўтвараліся пухіры, з якіх цякла вадкасць і кроў ад пастаяннага часання. 

Праявы хваробы то ўзмацняліся, то слаблі, але ўвесь час прысутнічалі. Мы з мужам маліліся аб аздараўленні больш за два гады. І былі перыяды, калі мы адчувалі сябе асабліва нямоглымі, калі закрадаліся думкі аб тым, ці ёсць сэнс далейшай малітвы.
Але мы маліліся, разважалі над св. Пісаннем і вывучалі хрысціянскую літаратуру, якая б тычылася тэмы аздараўлення. І ў нас пачаў змяняцца падыход да хваробы, а канкрэтна – да атапічнага дэрматыту, як да чагосьці, што з’яўляецца чужым для нашых дзяцей. Неаднойчы наведвалі думкі аб волі Бога ў адносінах здароўя нашых дзяцей, але цяпер гэтае пытанне сталася неактуальным. 

Апостал Павел піша: “І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, што добрае і прыемнае ды дасканалае” (Рым 12, 2). Павярхоўна мы гэта і раней разумелі, але для таго, каб зразумець гэта сэрцам, неабходна было дзеянне звышнатуральнай сілы, якой з’яўляецца Дух Святы. Мы маліліся аб напаўенні Духам Божым, і мы Ім напаўняліся па меры нашага ўзрастання і па меры ўсвядомленага адкрыцця на дзеянні Бога.

Молячыся ў Духу і разважаючы з дня на дзень над словамі: “Ён узяў на Сябе нашыя немачы і панёс нашыя хваробы“ (Іс 53, 4), змянілася наша бачанне праблемы. У нашых малітвах прысутнічала падзяка за тое, што Бог праз смерць і уваскрасенне Свайго Сына ўжо даў нам тое, чаго мы з нецярпеннем выпрошвалі. Мы чулі радаснае пачуццё таго, што гэта адбудзецца. А калі быць больш дакладным, то ЯНО ўжо адбылося каля дзвюх тысяч гадоў таму на крыжы. Нам заставалася проста прыняць гэта, і дачакацца моманту, калі сімптомы хваробы знікнуць.

Прыйшоў час рэкалекцый з а. Джонам. Рось, 7 чэрвеня. Яго першая канферэнцыя… З навучна-тэарэтычнага пункту гледжання – ніякой структуры і багатага тэалагічнага зместу. Гэта былі простыя словы, якія прамаўлялі да сэрца. Ужо падчас гэтай канферэнцыі ўсе прысутныя былі пагружаны ў малітве. Гэта незвычайнае павольнае перапляценне канферэнцыі і малітвы, без дакладных межаў і рамак. Лёгка. Нетрадыцыйна і здзіўляльна! Ужо падчас той малітвы, калі праз вусны а. Джона бы пачулі аб тым, што людзі, якія церпяць ад харчовай алергіі, скурных захворванняў вылечаны, мы прынялі гэта з верай. У той момант мы не бачылі ніякіх праяваў аздараўлення нашых дзяцей, але мы, як тая жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела ад крывацёку (Матф 9, Мар 9, Лук 8), паверылі, што ў тую хвіліну нашыя дзеці аздаравіліся. Я і мой муж (як ён мне прызнаўся адразу пасля малітвы) адчулі, што пачутыя словы былі скіраваныя да нас. Прызнаюся, што сумневы стараліся зруйнаваць эйфарыю. Але ўсе сумневы, якія зараджаліся, мы душылі на падставе надзеі і веры ў Божыя абяцанні.

Прайшло яшчэ вельмі мала часу, але ў нас няма нагоды засумнявацца, што нашыя дзеці аздаравіліся ад дэрматыту. Нашыя дачкі ядуць тое, аб чым раней толькі марылі, гледзячы на іншых дзяцей, і не церпяць ад праяваў хваробы, якая мучыла іх ад нараджэння. Дзякуй Богу! Наша мысленне наконт хваробы кардынальна змянілася – ад звавроту да Бога выключна як да аптэчкі да зразумення таго, што Бог ужо ўсё для нас зрабіў яшчэ да нашага нараджэння, нам неабходна толькі паспець для таго, каб прыянць яго дар.

Мы дзякуем асабліва тым святарам, якія даюць надзею, і адпамагаюць адкрываць у нас усё тое, што было закладзена Богам. А. Джон – прадстаўнік духоўнага правадыра. А рэкалекцыі ў Росі 0 месца, якое дапамагае ў ажыўленай малітве. Сцвярджаць, што там асаблівая прысутнасць Бога без сэнсу, бо Бог ёсць паўсюдна сярод нас і ў нас саміх. Часцей за ўсё нам неабходныя асаблівыя абставіны – знешняя дапамога – якая дазволіць нам адкінуць нашы стэрэатыпныя думкі, усё тое, што нам перашкаджае адчуць Божую прысутнасць, падтрымку і Любоў. 

Часам, з простага падняцця рукі ў нашай свядомасці пачынаецца працэс пераадольвання гэтага бар’еру. Тады чалавек перастае клапаціцца пра тое, якое ён зробіць уражанне. Пачынае будавацца простая сувязь чалавек-Бог, а ўсё астатняе – другараднае. Канешне, я не сцвярджаю, што выключна жэстам рукі можна наблізіцца да Бога. Духоўная складальная тут неад’емная і нельга забываць пра плён. Але мова цела і эмоцыі дапамагаюць чалавеку адкрыцца Божай прысутнасці. 

Бо чалавеку ўласціва праяўляць эмоцыі ў часе перамогі любімай каманды ці на музычным выступе. Мы радуемся на днях нараджэння і вяселлях. Няўжо ў нас няма прычыны радавацца разам са сваімі баратамі і сёстрамі ў Хрысце падчас малітоўных сустрэч? Гэта выглядае дзіўна? Чаго ж мы чакаем, калі і вучні перажывалі падобнае, пачынаючы з Сёмухі (Дз 2, 2).

Прайшлі гады, але Дух Святы не змяніўся, і моц Яго дзеяння не саслабла.

                                                                                                                                        Ірэна К.