Пра цуд
аздараўлення
ў
сям’і
Абрамавых
я
даведаўся
выпадкова
падчас
гутаркі
са
святарамі
ў
Тракелях
на
ўрачыстасцях
у
гонар
Маці
Божай
Тракельскай.
Унікальны
выпадак цяжкай хваробы маладога чалавека і выразны цуд, які зрабіў Бог у ягоным
жыцці, зацікавілі мяне не толькі як рэдактара газеты, але як і душпастыра. І
таму я накіраваўся ў Ліду, дзе жывуць маці і сын – Ірына і Яўген Абрамавы.
На пачатку нашай гутаркі лёгка было заўважыць
сціпласць і няёмкасць маіх суразмоўцаў. Нічога дзіўнага. Не кожны дзень да цябе
прыязджае журналіст, якому трэба даць сведчанне свайго жыцця. Пасля знаёмства я
задаў першае пытанне, што непасрэдна датычылася самога цуду.
Медыцынскі прысуд
– Спадарыня Ірына, як сталася, што Ваш сын
захварэў?
– Гэта было нечакана для нас усіх. Кісту на
сэрцы Жэні лекары знайшлі ў сакавіку 2014 года, калі ён лячыў запаленне лёгкіх.
Памеры гэтай кісты былі вельмі вялікімі. На той час – 4 на 5
см . А пазней хвароба стала хутка прагрэсаваць. Ужо ў красавiку
памеры наросту на сэрцы былі 8,5 х 7,5
см і таўшчыня – 3 см .
– Захворванне гэтае з’явілася раптам ці яно было
раней у сына і проста сябе не праяўляла?
– Лекары меркавалі, што кіста была ад
нараджэння. Але Жэню ніколі не даймаў ніякі боль. Ён хадзіў на заняткі па
фізкультуры, яму падабалася прымаць удзел у рыцарскіх турнірах, насіў даспехі
нават. Ён рос, як усе дзеці. Нічога не ўказвала на хваробу аж да вясны гэтага
апошняга навучальнага года ў школе. Тады кіста на сэрцы выпадкова была
знойдзена ў выніку абследавання ў Гродзенскім абласным шпіталі.
Наступнае пытанне задаю ўжо сыну Ірыны:
– Жэня, але ж сімптомы ўсё роўна павінны былі
паявіцца?
– Так, – адказвае ён. – Ужо калі знайшлі гэтую
кісту на сэрцы, я перастаў займацца спортам і пачаў адчуваць цяжар у грудзях.
Было цяжка дыхаць. Мы пачалі кансультавацца ў лекараў. Медыкі сказалі, што
адзінае выйсце – гэта аперацыя. Яны былі здзіўленыя, што кіста вырасла ажно да
такіх памераў. Звычайна яна бывае меншай і не турбуе сваім ростам. А таксама
вельмі рэдка бывае размешчана на сэрцы.
Тут спадарыня Ірына ўстае і паказвае мне копію
медыцынскага заключэння. Яно з Дзіцячага кардыёхірургічнага цэнтра РНПЦ
“Кардыялогія” ў Мінску. Дакумент складзены 17 красавіка 2014 года. З яго
вынікае, што Абрамаву Яўгену Вітальевічу пастаўлены дыягназ “Кіста перыкарда”.
Медыцынскае заключэнне паведамляе: “Вдоль задней стенки ЛЖ, начиная со средней
трети и до верхушки, лоцируется образование 7.5 на 8.5
см гипоэхогенное с включениями. Задняя стенка несколько прогибается
в полость ЛЖ. Показана консультация детского хирурга для решения вопроса о
дальнейшей тактике. При наличии показаний для оперативного лечения –
госпитализация в детский кардиохирургический центр”.
Сухія словы медзаключэння чытаюцца як прысуд.
Нават мне, зусім не абазнанаму ў пытаннях медыцыны, становіцца зразумелым, што
дыягназ Жэні – вельмі сур’ёзная справа.
“Мы не прасілі ў Бога
здароўя…”
– Як вы ўспрынялі гэтую хваробу? – пытаюся ў
Ірыны і яе сына. Пасля маленькай паўзы адказвае маці:
– Гэта было вялікае выпрабаванне для нас. Мы,
канешне, пачалі звяртацца да лекараў, але найбольшай нашай падтрымкай была
малітва і вера. Мы – людзі, якія вераць. Я і Жэня кожную нядзелю ходзім у касцёл.
Таму ў такой сітуацыі нельга было без даверу да Бога. Мы Яму даверылі ўсё.
Ездзілі ў Сакулку – у Польшчу, дзе знаходзіцца цуд Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Там маліліся. У сябе ў парафіі, у Росі – у Гродзенскай дыяцэзіі падчас
рэкалекцый – і прасілі аб малітве усіх знаёмых святароў і блізкіх людзей.
– Вы прасілі здароўя для Жэні?
– Не. Здароўя мы не прасілі. У малітве гучала
толькі просьба аб выкананні Божай волі. І я, і Жэня разумелі, што Бог лепш
ведае, чаго нам найбольш не хапае. Але хачу зазначыць, што такая малітва ў
нашай сям’і была заўсёды. Мы і ў Рось ездзілі на рэкалекцыі раней – яшчэ да
таго, як даведаліся пра хваробу.
Цудоўнае аздараўленне
– Жэня, пытаюся ў хлопца, – а дзе адбылося само
аздараўленне?
– Гэта адбылося ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў
Росі падчас супольнай малітвы з кс. Джонам Башаборам з Уганды, які праводзіў
там рэкалекцыі (7-8 чэрвеня 2014г. – заўвага аўтара). У пэўным моманце мяне
паклікаў кс. Юрый Кузьміч, які ведаў пра маю праблему, і мы разам з ім падышлі
да ксяндза Джона. Святар паклаў мне на галаву рукі і маліўся каля дзвюх хвілін.
Падчас малітвы я адчуў, як унутры мяне разліваецца цяпло. Урэшце ён сказаў:
“Падзякуй Богу, ты аздароўлены”. Але пазней ён дадаў, што хвароба не адступіць
раптоўна. На гэта патрэбны час. І сапраўды, праз два дні я быў на абследаванні,
якое паказала, што кіста ёсць, але паменшылася. Мы зноў маліліся аб выкананні
Божай волі і адначасова слухалі, што скажуць лекары. А яны былі няўмольныя:
неабходная аперацыя. Мы паехалі ў Мінск, дзе ў мяне ўжо пачалі браць аналізы. Я
разумеў, што гэта падрыхтоўка да аператыўнага лячэння…
Аповед працягвае спадарыня Ірына: “І тут адзін
доктар сказаў: “Неабходна яшчэ раз глянуць на кісту”. Падключылі адзін апарат –
на маніторы нічога няма. Здымкі нічога не паказваюць. Доктар нават крыху
раззлаваўся, што, пэўна, сапсаваўся апарат. Падключылі іншы – той таксама
сведчыць, што кісты на сэрцы няма. Гэта пры тым, што на яе наяўнасць указвалі
нават тэхнічна менш дасканалыя апараты ў Лідзе. А тут найлепшая тэхніка ў
сталіцы паказвае адно: захворвання няма”.
Сп-ня Ірына паказвае мне яшчэ адзін медыцынскі
дакумент. Гэтым разам – з “1-га гарадскога клінічнага шпіталя” ў Мінску з
аддзялення ультрагукавой дыягностыкі. Пратакол абследавання на імя пацыента
Абрамава Яўгена Вітальевіча ад 25 чэрвеня 2014г. Заключэнне абмяжоўваецца адным
сказам: “Патологических, объемных образований со стороны плевральных полостей
не выявлено”.
Каго слухае Бог?
– А што на гэта лекары? – пытаюся. Распавядае
спадарыня Ірына: “Адзін з іх спачатку сказаў: “Я не веру ва ўсе гэтыя штучкі
вашых цаліцеляў”. Але пазней у яго вырвалася літаральна наступнае: “Калі я ўжо
і паверу ў Бога, то хіба толькі цяпер”. Дарэчы, нам усё роўна назначылі яшчэ
адну сустрэчу для абследавання. Я разумею дактароў. Яны перажываюць за Жэню
таксама і хочуць да канца быць ва ўсім упэўненымі.
Узрушаны гісторыяй гэтай пабожнай сям’і пытаюся
ў сп-ні Ірыны: “На рэкалекцыі ў Рось і наогул у касцёлы ў Беларусі прыходзяць
тысячы людзей. Многія просяць аб здароўі, але Бог аздаравіў менавіта Жэню. Што
Вы пра гэта думаеце?” Сп-ня Ірына задуменна адказвае: “Не ведаю, чаму так. Мы
маліліся аб выкананні Божай волі ў нашым жыцці. І мы былі гатовыя прыняць гэтую
хваробу, калі б такая была Божая воля. Важна ўмець прыняць тое, што дае табе
Бог”.
– Сп-ня Ірына, што б Вы хацелі сказаць тым
людзям, якія чакаюць ад Бога нейкага цуду?
– Хачу пажадаць ім, каб максімальна даверыліся
Богу, каб хацелі выканаць Яго волю ў сваім жыцці. Тады ніякія выпрабаванні не
будуць страшнымі. І, канешне, хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім нашым
сябрам, знаёмым, блізкім, хто маліўся за Жэню, хто нам усяляк спачуваў і
дапамагаў. Вельмі важная такая людская салідарнасць у бядзе.
Напрыканцы нашай размовы Жэня падзяліўся сваімі
планамі на жыццё. У гэтым годзе ён паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў
Гродне і збіраецца стаць святаром. Гэта яго даўняя мара – яшчэ з 9-га класа.
Што ж… Гэта адважны і высакародны ўчынак, на які
здольнае толькі чыстае і добрае сэрца.
Кс. Віктар Місевіч
http://catholicnews.by/
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.